Праект «МЫ» Сяргей Брушко, Дзмітрый Брушко

Праект «МЫ» — гэта аповед двух фатографаў, бацькі і сына, пра сваю краіну, якая зусім нядаўна атрымала незалежнасць. Гэта погляд двух розных пакаленняў адной сям’і на толькі што створаную дзяржаву. Мы — гэта множнасць, слова неперсаніфікаванае. Нельга сказаць «Я — народ», слушна казаць «Мы — народ», нельга сказаць «Я — сям’я», але можна сказаць «Мы — сям’я». У гэтым праекце існуе спроба паказаць, што, нягледзячы на розніцу поглядаў, статусаў, узростаў, мы — адзіны самабытны народ.

Фатаграфіі стужкавай эпохі 80-90-х гадоў Сяргея Брушко размяшчаюцца разам з лічбавымі каляровымі фатаграфіямі Дзмітрыя Брушко, дэманструючы розніцу не толькі ў пакаленнях, але і ў тэхналогіях, і ў тэмпе жыцця. Часта для таго, каб убачыць розніцу паміж мінулым і цяперашнім, неабходна візуальна супаставіць дзве карцінкі: да і пасля. Праект «МЫ» — гэта супастаўленне поглядаў бацькі і сына. Два чалавекі з адной сям’і, якія вучыліся і выраслі ў розных casino эпохах і ў розных краінах, спрабуюць параўнаць свае погляды праз сістэмы сваіх каштоўнасцяў. Нягледзячы на тое, што абодва аўтары працавалі фотакарэспандэнтамі друкаваных выданняў, у праекце няма фатаграфій, якія мелі б дачыненне да навінавай журналістыкі.

Час ліхіх 90-х у гістарычным плане можна параўнаць з першым эксперыментальным выездам новага трамвая з дэпо. Яшчэ ёсць шмат дробных недапрацовак, ён яшчэ не даведзены да ладу. Але трамвай ужо выехаў за браму і едзе па маршруце. Пазней трамвай будзе кожны дзень рабіць свой рэйс па горадзе і з кожным выездам пазбаўляцца буйных і дробных недапрацовак, мадэрнізавацца. Таксама, як і гэты трамвай, кожны дзень мы будзем прачынацца і мяняць цяперашняе і будучыню вакол нас. Часам прымаць правільныя рашэнні, а часам рабіць малыя і вялікія памылкі, якія самі ж і будзем выпраўляць, паступова будуючы сваю ўласную краіну.

Дзмітрый Брушко
Сяргей БРУШКО

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў пасёлку Гарадзея Мінскай вобласці. Памёр у 2000 годзе.
Дзмітрый БРУШКО
Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Салігорску. Жыве і працуе ў Мінску.

Гарадскі Трамвай у Мiнску
Расклад руху гарадскога трамвая №1 (вагон №118): 6.14 – 10.13 і 15.11 – 19.25.