Вулічнай фотавыставе “Кола ў полі”

У чэрвені 2019 года адбылася тыднёвая экспедыцыя па Маладзечанскім раёне. Этнографы, гісторыкі і проста аматары даўніны абраліся разам дзеля даследавання рэгіёна. Арганізаваў выправу Этнаграфічны клуб “Кола” з Маладзечна, а працавалі ў ёй таксама
валанторы з Мінска, Бабруйска і Барысава. Бортнікі, Пранчэйкава, Гасцілы, Рэдзькі, Гердуцішкі, Шалыгі, Беніца… Цягам экспедыцыі валанторы аб’ехалі і абышлі 20 вёсак.
У выніку стала больш зразумела пра тонкасці абрада “Лука”, які ладзіцца ў Маркава штогод на Вялікдзень, пра Купалле з купаннем у жыце, Троіцкія дзяды з адмысловай кашай, Каляды з Трыма каралямі, і Валоўнікі, што ходзяць на згаданы Вялікдзень. Мы нібыта пачулі водгукі музыкі Яшкі-цымбаліста і пакаштавалі вясельных “сняжкоў” з Кучак, пазнаёміліся з дзедам Арсенем і ўжо праз паўтара месяцы пасля экспедыцыі віншавалі яго з 90-годдзем. Каб мы захавалі і паказалі іх іншым, нам падаравалі вышытыя ручнікі і тканыя абрусы, лубкі, з якіх некалі засявалі палі, і нават старадаўняя крысалоўка. Мы пачулі смутак неперададзеных песень і радасць прыпевак, спетых на
сваім ганку.

Галоўным вынікам для нас стала разуменне, што “ўсе паўміралі і нікога і нічога не засталося” – гэта міф. Шмат чаго яшчэ можна і трэба даследаваць. Пераймайма, пакуль не позна!
Мы радыя падзяліцца здабыткамі і атмасферай экспедыцыі ў вулічнай фотавыставе “Кола ў полі”.
У выставе выкарыстаны здымкі: Алеся Лапо, Ганны Шакель, Марыі Дзмітрусік, Алены Ляшкевіч, Вольгі Трубач, Маі Бараноўскай, Алы Сідаровіч, Насты Гвоздзевай, Дзяніса Краўчонка, Алены Паўлоўскай.

Выстава створана у рамках фестывалю “МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ Ў МІНСКУ”.
Выказваем асабістую падзяку Андрэю Лянкевічу.

Куратары выставы: Вольга Трубач і Ганна Шакель

#kola_maladzechna #кола_ў_полі