Выстава фатаграфічных прац аўтараў беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”, “Сем” 29.09-10.10

каталог андрей щукин

Андрэй Шчукін

Паводле мноства рэлігійных і культурных традыцый, лічба сем ахутана вялізнай
колькасцю інтэрпрэтацый. Даючы суму тройкі і чацвёркі, сямёрка ўяўлялася
старажытным вучоным знакам злучэння Неба і Зямлі, душы і цела, а на Ўсходзе
яе звязвалі са знакамі прасторы і часу. Глыбіню сімволікі шмат у чым вызначылі
сямідзённыя фазы месяца і сем планет, вядомых тады астролагам. Аднак з цягам
стагоддзяў таямнічая аўра гэтай лічбы не развеялася.
Уплыў сямёркі прасочваецца і ў рэаліях сучаснага чалавека. Мы жывём па календары, які
складаецца з сямі дзён, часам марым убачыць аднойчы сем цудаў свету, а на школьных
занятках нашы дзеці малююць вясёлку, што складаецца з сямі колераў. Менавіта гэтая
нябачная, адначасова простая і бясконца адкрытая для персанальных прачытанняў магія
пакладзена ў аснову выставы «Сем», у рамках якой сем аўтараў беларускага грамадскага
аб’яднання «Фотамастацтва» прадставілі сталічным гледачам вынікі персанальных
візуальных пошукаў.
Марына Бацюкова, Сяргей Ждановіч, Вадзім Качан, Элан Лыскоў, Сяргей Міхаленка, Ігар
Саўчанка, Андрэй Шчукін — кожны з іх раскажа сваю персанальную гісторыю, атмасфера
якой умоўна звязана з магіяй лічбы сем.
Аўтарскую інтэрпрэтацыю тэмы прасторы ў праекце «Сем» прадставіць Сяргей Ждановіч
з серыяй «Іншы горад». З гэтай жа катэгорыяй, але з выкарыстаннем радыкальна іншага
візуальнага падыходу працуюць Андрэй Шчукін і Ігар Саўчанка. Марына Бацюкова
паэтычна візуалізуе ў сваіх фотаздымках стан медытацыі і заглыблення ў сябе ў працэсе
сузірання прыгажосці звычайных рэчаў. Падобны фармальны аб’ект — старая, беражліва
захаваная сямейная рэліквія — выходзіць на першы план у фотаздымках Вадзіма Качана,
які ўзяў на сябе ролю апавядальніка гісторый жыцця ў прадметах. Тэме перадачы стану
таксама прысвечаны працы Сяргея Міхаленкі, які задумваецца пра пастаянны рух
чалавека, дынаміку яго атачэння, якая перашкаджае сузіранню прыгожага. Фатограф Элан
Лыскоў, адабраўшы для ўдзелу ў праекце шэраг псіхалагічных партрэтаў, робіць спробу
ілюстрацыі аўтарскай пазіцыі: стан формы здольны вызначыць фізічнае.
Так, тэма ліку сем можа падацца бадай намінальнай у вызначэнні зместу праекту.
Атрымаўшы поўную свабоду ў выбары прац для ўдзелу ў праекце, аўтары па-рознаму
карыстаюцца ёю: канцавы варыянт экспазіцыі, такім чынам, — гэта выказванне-
эксперымент з адкрытым фіналам — самадастатковы маналог або запрашэнне да дыялогу.

Адкрыце выставы 29.09, 18.00
Галерэя Акадэмiя
Тел. +375 17 331 69 79
e-mail: museum@bdam.by
Минск, ул. Сурганова, 14
9.00-17.45, выходныя: субота, нядзеля