Альберт Цэхановiч. «Там», 12.09 — 21.10

Выстава “Там” уключае некалькі серый фотаздымкаў, зробленых Альбертам Цэхановiчам у часе шматгадовых вандровак па мясцінах, звязаных с жыццём і творчасцю Янкі Купалы. Прадстаўленыя працы — гэта аўтарскія срэбныя адбіткі на барытавай фатаграфічнай паперы, выкананыя ўручную ў тэхніцы класічнага чорна-белага друку.

Гэта частка праекта “Падарожжа з Купалам” у супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы (Мінск, Беларусь). Інтэнцыя працы — не проста адлюстраваць выгляд тых ці іншых мясцін, а хутчэй стварыць візуальныя вобразы, у чымсьці сугучныя настрою купалавых вершаў і пэўным перыядам жыцця паэта.

Ад часоў Купалы амаль не захавалася будынкаў і рэчаў, непасрэдна звязаных з жыццём і творчасцю паэта. Але засталося тое, што яго натхняла: маляўнічыя прыродныя ландшафты, лясы, крыніцы, рачулкі і рэкі, імшыстыя балоты, светлыя азёры. А ў цьмяных нетрах таямнічай пушчы, паводле звестак казак і паданняў, схавана папараць-кветка. Яна цвіце толькі ў ноч на Івана Купалу. Хто яе здабудзе, атрымлівае незвычайныя здольнасці. Але адшукаць чароўную кветку не проста – лес яе не аддае, палохае вандроўніка, вымушае яго блукаць і бегчы за сваёй марай да світанку…

У нейкім сэнсе мастацтва, шлях творчасці ў чымсці падобныя да гэтых пошукаў у цемры. Трэба шмат прайсці, пераадолець, таксама і ў сабе, пакуль нешта адкрыецца.

Як узнікаюць вершы? Што адбываецца, калі яны пачынаюць гучаць у душы? Ці гэта водгук на пытанні, ці вынік пошукаў, асабістых намаганняў, ці гэта сустрэча, падарунак, калі на імгненне змяняецца зрок, і ўсё ў тваіх вачах ператвараецца, і час нібыта знікае? Дзе тая прастора, у якой гэта магчыма?

Альберт Цэхановiч нарадзіўся, жыве і працуе ў Мінску. Аўтар шаснаццаці персальных і ўдзельнік некалькіх дзясяткаў калектыўных выстаў, у тым ліку ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літве, Швейцарыі, Францыі, Англіі, Іране, Кітаі.
Працуе ў тэхніцы класічнага чорна-белага друку (срэбныя адбіткі на барытавай фатаграфічнай паперы), выкарыстоўвае таксама спецыяльныя аўтарскія прыёмы хімічнай апрацоўкі выявы.
Творы захоўваюцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, Беларусь), Музеі гісторыі фатаграфіі (Санкт-Пецярбург, Расія), Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтры РОСФОТО (Санкт-Пецярбург, Расія), Рускім музеі фатаграфіі (Ніжні Ноўгарад, Расія).

12.09 — 21.10
«Кніжная шафа»

пр. Дзяржынскага 9
12:00 – 19:00 панядзелак – пятнiца
12:00 – 18:00 субота
Уваход вольны

12.09
Адкрыццё выставы

«Кніжная шафа», 19:00