Густава Сагорскі. «Відзежы», 01.10 — 17.10

Ногі, 2012

Убачыць свет такім, які ён ёсць, — думкі пра «Відзежы» Густава Сагорскі

Наш свет напоўнены сімваламі — як ледзьве заўважнымі, так і відавочнымі. Некаторыя з іх — асноўныя сімвалы штодзённага жыцця, іх можна знайсці на пульце тэлевізара, дарожных знаках, інструкцыях па пранні адзення; іншыя — комплексныя і ўяўляюць з сябе культурна абумоўленую сетку выяў і значэнняў. Цэнтральным месцам у вызначэнні сімвала з’яўляецца роля візуальнай выявы ў прадстаўленні канцэпцыі ці адлюстраванні ўніверсальнай ісціны, і ў сутнасці надаецца больш глыбокае значэнне адной рэчы праз тое, што яна выкарыстоўваецца для прадстаўлення чагосьці іншага. Усе мы імкнёмся так ці іначай і надаць, і распазнаць значэнне праз выявы і аб’екты, што напаўняюць нашы жыцці. Ралан Барт, французскі тэарэтык і філосаф, адзначыў гэтую тэндэнцыю пошуку і стварэння значэння ў сучаснай культуры, назваўшы нас homo significans — стваральнікамі сэнсу.

Фатаграфія — гэта працэс надання сэнсу. Выявы з профілю, здымкі са святаў, рэклама на білбордах — кожная выява — гэта пасланне: пацверджанне асобы, сведчанне досведу, выяўленне жадання. У гэтым сэнсе фатаграфія — гэта інструмент, які праз візуальны возбраз надае сэнс рэчам, якія мы звыкла ўспрымаем як нешта паўсядзённае. Аднак фатаграфія — гэта далёка не проста занатаванне падзеяў ці продаж прадукцыі; яна таксама з’яўляецца формай мастацтва, якая мае моц авалодваць пачуццямі і абуджаць розум. У руках мастака фатаграфія — гэта не асобнае значэнне, гэта ўся іх сукупнасць.

Амерыканскі ілюстратар Эдвард Горы аднойчы параўнаў мастацтва з паветраным змеем, маючы на ўвазе, што праз рухі бачнага аб’екта можна прасачыць за гульнёй нябачных сіл. Менавіта праз тое, што фатаграфія выяўляе бачнае, мы атрымліваем магчымасць зразумець нябачнае — пачуцці, перакананні, ідэі, ідэалы — па-новаму. Метафара Горы адгукаецца ў фільме «Прыгажосць па-амерыканску» (American Beauty), дзе пакет з магазіна, падхоплены ветрам, «танчыць» разам з персанажам, які яго здымае. Такім самым чынам і фатограф танчыць у сваёй сустрэчы з будучай выявай: часам ён яе ловіць, часам — чакае, але заўсёды гэта складаныя суадносіны паміж бачаннем і спыненнем моманту.

Трансфармацыя з трох вымярэнняў у два, ад моманту да выявы, не выдаляе гэты момант з патоку часу, але, хутчэй, напаўняе яго сэнсам, які распаўсюджваецца і на папярэдні час, і па-за межы яго часавых рамак. Паэт Чэслаў Мілаш пісаў: «…Момант — не абстракцыя, ён напоўнены тым, што бачыць вока. Час… заўсёды паўстае перад вачыма, насычаны фрагментам прасторы, як у кінакадры» . Такім чынам, любы момант — гэта пачуццёвы досвед: не адзінкавы кавалачак часу, які ўзнікае незалежна ад чалавечага ўзаемадзеяння, але сувязь часу і месца, якая цалкам вызначаецца нашай здольнасцю яе бачыць і адчуваць.

Разам з тым, фатаграфія можа абстрагаваць момант ад канрэтыкі, адцягнуць сцэну ад яе кантэксту і ў выніку надаць ёй новую і адрозную значнасць. Найлепшыя фотаздымкі схопліваюць адчуванне фатографам моманту і перадаюць перажыванне гэтага досведу гледачу, і тым самым ствараюць значэнне перад кожнай новай парай вачэй. Інтэрпрэтацыя моманту і таго значэння, што стаіць за выявай — гэта адносіны паміж фатографам і гледачом, і яны ўвесь час развіваюцца. Фатаграфічны акт надання значнасці як вялікім, так і менш важным момантам — гэта пошук не толькі значэння, але таксама і духоўнай сутнасці, якую можна знайсці ў паўсядзённым, калі паглядзець на яго новымі вачыма.

У сваёй серыі «Відзежы» Густава Сагорскі шукае духоўную сутнасць і сапраўды імкнецца спаймаць тое, што напаўняе яго свет радасцю. Гэтыя фотаздымкі стрыманыя і часам суровыя, але разам з тым яны ўвасабляюць захапленне аўтара пошукам інтуітыўных візуальных адкрыццяў, якія ўзбагачаюць наш паўсядзённы досвед. Абстрагаваныя ад свайго кантэксту, яны ператвараюцца ў разважанні пра ўзаемасувязь паміж фатаграфіяй і скульптурай, узаемнае ператварэнне выявы ў аб’ект і наадварот. Нават пакінутае і забракаванае робіцца помнікам чалавечай гісторыі, яе сумных альбо пацешных паваротаў, і ў вачах Сагорскі ператвараецца ў сімвал, які застаецца жыць. Трэска, пляма, шнар, разбітае шкло — фізічныя сляды дзейнічаюць як напаміны пра тое, што адбылося, альбо бачанні таго, што магло быць.

У арыгінале праект мае назву Apparition, што можна перакласці і як «відзеж», і як «з’ява, і як «бачанне». Гэтае слова ў англійскай мове мае цікавую гісторыю. Першапачаткова яно выкарыстоўвалася ў адносінах да боскага адкрыцця, але неўзабаве атрымала больш зямныя значэнні, сканцэнтраваныя на здольнасці бачыць і працэсе бачання. З цягам часу слова стала асацыявацца і з чаканым з’яўленнем бачнага аб’екта, і з нечаканым прыходам прывіду або фантому. Такім чынам, гэтае слова перасякае сферы вядомага і невядомага, матэрыяльнага і нематэрыяльнага, і, можна сказаць, адносіцца ў цэлым да таго, чым нешта здаецца, а не ёсць на самой справе — ці, у вобразах Сагорскі, ва ўспрыманні ісціны за бачнай рэальнасцю.

Сагорскі цытуе філасофію Эмануэля Левінаса як натхненне ў яго стварэнні выяў. Левінас выкарыстоўваў святло як метафару да ведаў: святло — гэта тое, што робіць свет бачным, дазваляючы адчуваць яго візуальна, але святло ведаў дазваляе нам бачыць па-за межамі паверхні рэчаў. Левінас пісаў, што гэтае святло ведаў ідзе знутры і дазваляе нам зразумець, што тое, што мы бачым, ёсць часткай нашага досведу, ляжыць у межах нашых уласных унікальных рамак разумення. Як фатограф Сагорскі падзяляе гэтае святло праз мову момантаў — і калі момант вызначаецца нашай роллю ў яго ўспрыманні, можна сказаць, што кожны момант — гэта бачанне, якое атрымлівае форму і застаецца, нават калі сам гэты момант знікае.

Джордан Рокфард

01.10 — 17.10
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, вялікая зала
Арганізатар — Пасольства Ізраіля ў Беларусі

пр. Незалежнасці, 47
11:00 – 19:00 (каса працуе да 18:30)
аўторак – субота
Поўны білет ― 30 000, студэнты ― 15 000, школьнікі ― 10 000

02.10
Творчая сустрэча з Густава Сагорскі
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, 17:00

Тэлефон для даведак: (17) 288-24-68
Уваход вольны