«FASHION IS MY PASSION! Модная індустрыя 70-х — 90-х гадоў: беларускі фармат», 21.10 — 07.11

Фатограф А. Шчукін, мадэль Г. Малібога, фотасесія для Беларускага цэнтра моды, 1997

Фатограф А. Шчукін, мадэль Г. Малібога, фотасесія для Беларускага цэнтра моды, 1997

Ідэя стварыць выставу пра модную індустрыю БССР і першых гадоў незалежнай Рэспублікі Беларусь нарадзілася пасля нашага асабістага знаёмства з Тамарай Ганчаровай і Юрыем Кот. Пра цудоўную Тамару, адну з першых беларускіх мадэляў, мы, вядома ж, чулі і да нашай сустрэчы. Рэдкія візіты Юрыя ў музей на кубак гарбаты і апавяданні пра яго творчы шлях з краіны саветаў да імяннога брэнда адзення ў Францыі, а таксама гісторыі пра праблемы ў «схаванай» індустрыі сучаснай беларускай моды сталі стартам нашай працы над праектам. Аказваецца, аж да сённяшняга моманту ў Беларусі, не афішуючы, шыюць свае калекцыі вядучыя сусветныя брэнды, напрыклад, Sonia Rykiel. Ці варта згадваць, што і паважаная ў 90-я гады крама «Бэргхаўз» — гэта таксама рэчы, пашытыя на фабрыцы «Элема» пад брэндам крамы.

FASHION IS MY PASSION — гэта першая спроба паглядзець на індустрыю беларускай моды праз прызму асабістых гісторый і ўспамінаў актыўных удзельнікаў тых падзей. Як функцыянавала беларуская модная індустрыя з 70-х да 90-х гадоў, і хто стаяў каля яе вытокаў? Відавочна, што ў познесавецкі перыяд мода ўсё яшчэ з’яўлялася «парадным партрэтам» савецкай дзяржавы, часткай ідэалагічнай канцэпцыі ўтапічнага праекта «светлай будучыні», які, нягледзячы на шматгадовае і татальнае панаванне, у гэты перыяд ужо знаходзіўся ў крызісе. Якім чынам змянялася мода ў БССР? Ці стала незалежнасць 90-х каталізатарам радыкальных зменаў?

У межах гэтай выставы мы прапануем казаць пра моду як пра знакавую сістэму, сканцэнтравацца на вывучэнні поля fashion-індустрыі Беларусі: інстытутаў і галоўных гульцоў, узаемаадносін паміж імі. У дадзеным выпадку фотаздымак робіцца адначасова і дакументам, які ілюструе гэтую сістэму знакаў і вобразаў, і асаблівай спецыфічнай мовай апавядання. Так мы паспрабуем адказаць на пытанне: наколькі магчыма і дарэчна наогул казаць пра беларускую fashion-фатаграфію як пра феномен.

Вольга Рыбчынская, Ганна Самарская

Праект рэалізаваны пры падтрымцы Тамары Ганчаровай, Юрыя Кот і Андрэя Шчукіна.
Куратары: Вольга Рыбчынская, Ганна Самарская

21.10 — 07.11
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва

пр. Незалежнасці, 47
11:00 – 19:00 (касса працуе да 18:30)
аўторак – субота
Поўны білет ― 30 000, студэнты ― 15 000, школьнікі ― 10 000

21.10
Адкрыццё выставы
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, 17:00