Выстава Віктара Гіліцкага “Апошні візіт” 30.09. – 11.10

 Victor Hilitski

Віктар Гіліцкі

Вельмі прыгожая сентыментальная гісторыя, быццам расказаная ад першай асобы, дзе галоўны герой, чалавек у мудрым веку, пускае нябачнага гледача ў сваё жыццё, выбудоўваючы адкрыта і шчыра сваю штодзённую рэальнасць як рытуал: прыгатаванне ежы, паленне лазні, апрацоўка зямлі, чытанне газет і слуханне радыё. Фатограф выбраў тут тактыку неўмяшання, за рэдкім выключэннем, старонняга назіральніка.

У выніку атрымаўся наратыў, невялікі аповед, які змясціў у сябе ўсю драматургію жыцця 84-гадовага чалавека. Для сям’і — гэта частка сямейнага архіву, дакументальнае пацверджанне факту быцця з яго непаўторнымі прыкметамі-знакамі, што не дазваляюць растаць і знікнуць твару чалавека, які ўжо сышоў. Гэты «дакумент з прыватнага архіву», што зафіксаваў вобраз блізкага чалавека на памяць, перастае быць толькі прыватным, ён робіцца «сілкаваннем і для нашых пачуццяў» (Сьюзан Зонтаг). Мы бачым у гэтым візуальным шэрагу водгукі-прыкметы нашых сямейных архіваў-гісторый. Для нас актуалізуецца і пераасэнсоўваецца значэнне нічым не прыкметных будняў, сумеснай з кімсьці паўсядзённасці. Апрача таго, рысы гэтай самай паўсядзённасці тут набываюць іншы характар, у дадзеным выпадку спрацоўвае здольнасць фатаграфіі мець «пэўную сюрэалістычную адчувальнасць, што вельмі важна: гэта значыць, звычайныя, абыдзённыя рэчы могуць выяўляць свае прыгожыя рысы, калі іх фатаграфуюць» (Сьюзан Зонтаг).

У гэтым дакладна пабудаваным выказванні, драматургічна спраўджаным відэашэрагу фатаграфія робіцца выяўленчай мовай, гаворачым медыя, дзякуючы якому мы не толькі здольны бачыць і счытваць прапанаваны наратыў, але таксама адчуваць магію моманту, шчырасць і сапраўднасць гісторыі; фатаграфія робіцца «эманацыяй, выпраменьваннем мінулай рэальнасці» (Ралан Барт «Camera lucida»).

Віктар Гіліцкі нарадзіўся 8 лістапада 1985 года ў Мінску, Беларусь. Жыве і працуе ў Мінску.

Куратар праекта: Вольга Рыбчынская

 Адкрыце выставы
30.09, 17.00
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва
Мiнск, пр. Незалежнасці, 47
+375 (17) 288 24 68, artmodernmuseum@gmail.com
Ад 11.00 да 19.00 (касса працуе да 18.30) кожны дзень, акрамя нядзелi i панядзелка.
Тэл. 288-24-68.