Марына Дрожжа-Сабоўска. «Усё гэта мая віна» і «Каханне. Толькі ты і я», 29.09 — 17.10

«Каханне. Толькі ты і я»

«Каханне. Толькі ты і я»

Марына Дрожжа-Сабоўска (1981) — беларуская мастачка, фатограф, аўтар відэаінсталяцый. Яна скончыла Познаньскую акадэмію мастацтваў, аддзяленне «Мультымедыйныя камунікацыі». Удзельнічае ў групавых і персанальных выставах з 2009 года, сярод іх: «Formy zamieszkiwania» («Формы жыцця»), галерэя «Aula», Познань, 2011; «To coś» («Гэта штосьці»), галерэя «FF», Лодзь, 2013; «Generation Y» («Пакаленне Y»), «OFF Festival», Браціслава, 2013. Жыве і працуе ў Познані (Польшча).

У рамках «Месяца фатаграфіі ў Мінску» Марына Дрожжа-Сабоўска прадстаўляе два аўтарскія праекты: «Усё гэта мая віна» і «Каханне. Толькі ты і я». Выкарыстоўваючы ўласныя фатаграфіі, відэацытаты і малюнкі, Дрожжа-Сабоўска апавядае інтымныя гісторыі адразу ў двух рэгістрах — рэальным і ўяўным. Яна накладае абедзве версіі адну на адну — і рэальнае з уяўным уступаюць у абмен. Тое, што атрымліваецца, у аднолькавай ступені можа быць расцэнена і як містыфікацыя, і як аскепкі псіхааналітычных пошукаў.

У праектах як быццам сутыкаюцца лбамі пародыя і споведзь. Чаканні аматараў меладрамаў, так відавочна справакаваныя назвамі, аказваюцца апраўданымі, але фарс і іронія сплятаюцца з глыбокім экзістэнцыяльным і псіхааналітычным даследаваннем. Тэмы віны і кахання знаходзяцца тут у самым блізкім суседстве. Больш за тое, аўтар усталёўвае паміж гэтымі паняццямі зону неадрознага, як калі б яны дасягнулі кропкі, дзе пачынаецца абсалютнае сумежжа і перацяканне.

Таня Кандраценка

29.09 — 17.10
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, малая зала
Куратарка — Таня Кандраценка
пр. Незалежнасці, 47
11:00 – 19:00 (каса працуе да 18:30)
аўторак – субота
Поўны білет ― 30 000, студэнты ― 15 000, школьнікі ― 10 000

29.09
Адкрыццё выставы
Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, малая зала, 17:00