Выстава дзіцячай фатаграфіі 16.10

23

Выстава дзіцячай фатаграфіі (фіналісты і пераможцы конкурсу фатаграфіі, арганізаванага для дзяцей сябрамі фотаклуба «Святласіла» з горада Паставы).
Фотаклуб «Святласіла» з Паставаў другі год запар праводзіць фотаконкурс для школьнікаў Пастаўскага раёна, які называецца «Свет вакол нас».
Мэта конкурсу — папулярызаваць фатаграфію сярод школьнікаў. Фіналісты адзначаюцца дыпломамі і прызамі, з імі таксама праводзяцца майстар-класы па фотасправе.
У гэтым годзе тэма конкурсу была больш складанай і глыбокай, чым звычайна. Арганізатары назвалі яе «Пераходны ўзрост».
Гэта той самы ўзрост, калі падлетак пачынае змагацца за сваю незалежнасць, заваёўваць аўтарытэт у коле аднагодкаў. Гэта досыць імклівы пераход з дзяцінства ў дарослае жыццё. Дзяцінства заўсёды сыходзіць — за ім прыходзіць адказнасць! Менавіта гэты перыяд вельмі зацікавіў арганізатараў: каштоўнасці і прыярытэты цяперашняга пакалення, іх мары і мэты. Удзельнікам было прапанавана паказаць з дапамогай фатаграфіі, як яны бачаць навакольны свет, як яго ўспрымаюць і ў ім жывуць. Той свет, які ўжо даўно закрыты для нас, дарослых.
Фінальная выстава адбылася. Ёсць цікавыя і самабытныя працы. Колькасць удзельнікаў працягвае расці. У наступным годзе збіраемся працягваць у тым жа кірунку.

Адкрыце выставы 16.10, 18.00
вул. Казлова, д. 2,
уваход з двара.