Мануэль Шродэр. «у апошні момант», 09.10 — 24.10

«Без назвы», з серыі «у апошні момант», 2009

Ён часта паказвае паўсядзённае, даўно вядомае ў нязвыклым ракурсе — і яно паўстае ў новым святле. Памяць і рэальнасць перамешваюцца, асабліва там, дзе ў гэты момант адбываюцца змены іх значэння.

Як мастака Мануэля Шродэра натхняе феномен розных бакоў успрымання. У цэнтры яго творчасці — сімвалічная сіла таго, што здаецца відавочным. Яго праект паказвае пэўныя месцы, значэнне якіх за апошнія гады змянілася. Знешне яны ўсё яшчэ нясуць на сабе адбітак мінулага прызначэння і характэрны дызайн. Абраныя ім месцы рамантычна з’ядноўваюць у сабе мінулае і цяперашняе. Яны натхняюць і выклікаюць асацыяцыі. У сваім фотапраекце Le moment suprême Мануэль Шродэр паказвае рэчаіснасць гэтых месцаў і тое, што адпавядае нашым зменлівым успамінам.

Асноўныя ідэі падкрэсліваюцца рассеяным або прамым асвятленнем. Пастаноўка святла дазваляе дасягаць большай разнастайнасці. Ён задае тон, схаваны ў дваякай атмасферы, і ў асобных фрагментах прыцягвае ўвагу гульнёй ценяў. Пры дапамозе святла Мануэль Шродэр абыгрывае шматлікія грані памяці ў шырокім спектры — ад абсалютнай выразнасці да таемных, няясных абрысаў.

Абраныя пункты здымкі аказваюцца працоўным месцам, крыніцай натхнення і выставачнай прасторай. Яны паказваюць тую энергію, якая можа выклікаць змены ў тым ці іншым месцы. Яны з’яўляюцца мастом паміж мінулым і цяперашнім, паказваюць гісторыю сацыяльнага развіцця. Творчасць Мануэля Шродэра працягвае развівацца і стварае шматгранны сімвал і развітую структуру, у якой глядач нібыта прысутнічае асабіста.

Работы Мануэля Шродэра нясуць адбітак яго асаблівай чуллівасці да ўсёй разнастайнасці гарадскога жыцця. Як фатограф ён шукае шляхі да галоўнага, засяроджваючыся на паўсядзённым і някідкім. Ён адкрывае нам супярэчнасці. Як мастак, пісьменнік і выкладчык сацыяльнай фатаграфіі ён звяртае нашу ўвагу на супярэчнасці паміж гарадской архітэктурай і будаўнікамі. Ён паказвае, як бяздушна ў гарадах прынеслі ў ахвяру цеплыню, чалавечыя стасункі і бяспеку. Мы бачым не яго карціны, а вынік інтуітыўнага падыходу і выбару асаблівага моманту ў складанай, на першы погляд, інцэніроўцы.

У сваіх работах Мануэль Шродэр выбірае нязвыклы пункт гледжання, і непрыкметныя выявы робяцца выразнымі. Ён дае нам зразумець тое, пра што яны сігналізуюць — адзіноту ў гарадскім натоўпе. Ён любіць працаваць з неадназначым зместам, які выклікае ланцужок асацыяцый і паддае сумненню звыклыя паняцці. Шродэр высмейвае нязвыклыя чаканні ўзнагароджання і прыняцце жаданага за сапраўднае, узамен ён прапануе нечаканае. Пры дапамозе фатаграфіі, відэа, інсталяцыі і перформансу ён хоча дабіцца новага ўспрыняцця ўсяго звыклага. Ён дае зразумець, як пранікненне ў свядомае і несвядомае ўспрыняцце фарміруе нашы паводзіны і памяць.

Доктар Ангела Вільмс-Адрыян, мастацтвазнаўца, Германія

09.10 — 24.10
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў
Выставу прадстаўляе галерэя «Арт-плац»

вул. Някрасава, 3
11:00 – 18:00
панядзелак – пятнiца
Поўны білет ― 30 000, студэнты і сябры творчых саюзаў ― 20 000, школьнікі і пенсіянеры ― 15 000. Дзецям да 5 гадоў ― бясплатна.

09.10
Адкрыццё выставы
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, 18:00