«па і супраць плыні». Сучасныя фотаінтэрвенцыі: №1 Вікторыя Біншток, №2 Міхаэль Шэфер, 07.09 — 05.10

У серыі выставаў «па і супраць плыні. Сучасныя фотаінтэрвенцыі» прадстаўлены фотамастакі з Германіі, якія распрацавалі новую вобразную мову ў мастацтве фатаграфіі. Наколькі б рознымі ні былі ўкладзеныя мастакамі сэнсы, іх творчы падыход аб‘ядноўвае актыўнае ўмяшальніцтва ў матэрыял сваіх кадраў. Такім чынам, адкрытым застаецца пытанне, наколькі дакументальнымі альбо рэалістычнымі застаюцца іх працы і дзе гэтыя межы пашыраюцца да фікцыі, выдумкі.

Экспазіцыя двух фотамастакоў – Вікторыі Біншток (нар. у 1972 г. у Маскве, жыве ў Берліне) і Міхаэля Шэфера (нар. у 1964 г. у Зігмарынгене, жыве ў Берліне) – будзе дэманстравацца ў верасні 2017 г. у Мінску. Абое выхопліваюць кадры са сродкаў масавай інфармацыі і даследуюць іх функцыю. Наколькі аўтаномнымі могуць быць вобразы ў свеце, які ўсё больш і больш структураваны праз алгарытмы і сеткавыя ўзаемасувязі? Такі падыход звязвае Біншток і Шэфера з традыцыйнай мастацкай цікавасцю да СМІ, якая пачынаючы з 1970-х прымушала мастакоў пераадольваць межы дакументальнага.

Канцэпцыя выставы і выбар фатаграфій: Флорыян Эбнер, Крысцін Мюлер.

На адкрыцці выставы будуць асабіста прысутнічаць Вікторыя Біншток і Міхаэль Шэфер. Наведвальнікам будуць прапанаваныя экскурсія і размова з фотамастакамі. У праграме выставы таксама майстар-класы і дыскусіі.

07.09 — 30.09
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў

вул. Някрасава, 3
11.00 – 19.00 аўторак, чацвер, пятніца, субота
13.00 – 21.00 серада
Поўны білет ― 3 р., школьнікі, студэнты дзённай формы навучання і сябры творчых саюзаў ― 2 р., пенсіянеры ― 1,5 р. Дзецям да 5 гадоў ― бясплатна.

07.09
Адкрыццё выставы
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, 19:00