«Беларусі прысвячаецца…» Фатаграфіі Льва Дашкевіча, да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы, 10.10 — 29.10

Выстава знаёміць з творчасцю выбітнага беларускага фотамайстра першай трэці ХХ стагоддзя Льва Дашкевіча, імя якога стала сапраўдным адкрыццём у гісторыі беларускай мастацкай фатаграфіі.
Прадстаўлены арыгіналы фатаграфічных прац Льва Дашкевіча, выкананыя майстрам у розных манерах і тэхніках з 1900 па 1952 гг., а таксама новыя матэрыялы, якія былі адшуканыя ў апошнія часы.
Адзін з раздзелаў выставы прысвечаны сяброўству і сумеснай працы двух выдатных асоб свайго часу: Фатографа і Паэта – Льва Дашкевіча і Янкі Купалы.

Леў Урбанавіч Дашкевіч (1882–1957) – беларускі фатограф, публіцыст, педагог, навуковец, вынаходнік. Нарадзіўся 12 лютага 1882 г. у Менску ў сям’і дваран. Атрымаў адукацыю ў Дыжонскім універсітэце (раманскае аддзяленне факультэта славеснасці) і ў Вышэйшай школе графічных мастацтваў у Парыжы (аддзяленне фатаграфіі). Фотамастак займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў шэрагу навучальных устаноў Ерэвана (Арменія), Гянджы (Азербайджан), Тыфліса (Грузія), а затым і Мінска. Леў Дашкевіч першым у Беларусі распрацаваў і стаў чытаць курс лекцый па фатаграфіі (у Мінскам інстытуце народнай адукацыі). Акрамя прафесійнага захаплення фатаграфіяй, Леў Урбанавіч займаўся навуковымі даследаваннямі ў галіне рэнтгенаграфіі, вывучаў уплыў біялагічнага ультрафіялету на трофіку і рэгенерацыю тканін, у выніку распрацаваў унікальную методыку паскоранага гаення ран.

Куратар: Надзея Саўчанка

10.10 — 29.10
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
вул. К.Маркса, 12
11:00 – 19:00 (каса працуе да 18:30), штодня