Ганна Бундзелева «Бачная маці» (9-23.10)

«Бачная маці» – інтэрактыўны праект, які існуе ў выглядзе серыі калажаў і фотакнігі-лепарэлё, што прапаноўваюць гледачам, у літаральным сэнсе, самастойна «вярнуць твары» маці, схаваным за драпіраваннем або нейкім прадметам у студыі, функцыі якіх зводзяцца да ўтрымання дзіцяці пры пазаванні ва ўмовах доўгай экспазіцыі ранніх фотаздымак.

Жанр такой фатаграфіі атрымаў назву «схаваная» або «нябачная» маці (ад англійскага «hidden mother») і быў папулярны ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя. У сваім праекце я разглядаю гэты феномен з гледзішча феміністычнай тэорыі і гештальтпсіхалогіі. Маці вяртаюцца ў тканку здымку і гісторыі праз архетыпы – разнастайнасць жаночых і мужчынскіх, анімалістычных або сімвалічных вобразаў, сярод якіх фактуры, фрагменты карцінаў вядомых мастакоў, персанажы мультфільмаў, знакавыя прадстаўнікі мастацтва і г. д. Колькасць гэтых «замяшчальнікаў» неабмежаваная. Свабода і варыяцыйнасць у выбары ўмоўнага вяртання дадае кампанент гульні і прапаноўвае самае рознае «запаўненне» гештальту. Кожнаму дзіцяці – свая мама, якой бы яна ні была. Акцэнт – на (цяпер ужо) адчувальнай і пазнавальнай бачнасці, а не на яе сутнасці.

 Адабраныя копіі здымкаў «нябачных маці» пакінутыя ў чорна-белым колеры, каб захоўваць блізкасць да арыгінальных пласцінаў канца ХІХ стагоддзя. Для ўставак жа я наўмысна адабрала каляровыя выявы, каб падкрэсліць кантраст паміж аднолькавасцю ахраматычнай безасабовасці і разнастайнасцю спектру каляровай індывідуалізацыі. Тая ж апазіцыя знаходзіць адлюстраванне і ў вокладцы фотакнігі – тут колер і ўзор «у кветачку» чаргуецца з узорамі і малюнкамі нейтральных драпіровак, якія хавалі фігуры маці. Новыя фактуры таксама выконваюць функцыю вяртання ў здымак, умоўна, жаночага пачатку.

Праект, прадстаўлены ў рамках выставы “Be a Lady”