Таццяна Кузняцова. “Мікрапластык Everyday” і “CAMERA COVIDu” (29.09-27.11)

 

Мікрапластык Everyday

У праекце выкарыстаныя здымкі мікрапластыку і мікравалокнаў пад мікраскопам, атрыманыя ў выніку даследаванняў у Цэнтры экалагічных рашэнняў (Мінск, Беларусь) і Coalition Clean Baltic (Упсала, Швецыя), ды выявы з інтэрнэту.

 Нашая штодзённасць поўная нябачных рэчаў, якія, тым не меней, уплываюць на нас і навакольны свет. Адна з такіх рэчаў – мікрапластык. Каля 70 % усяго пластыку заканчвае сваё жыццё ў сусветным акіяне, дзе распадаецца на драбнюткія часцінкі. Больш за тое, шмат якія вытворцы адмыслова дадаюць мікрачасцінкі пластыку ў крэмы, дэкаратыўную касметыку, тканіну. Напрыклад, адзін цюбік скрабу можа ўтрымліваць да 300 тысячаў пластыкавых мікрагранулаў. 

Урэшце мікрапластык апынаецца ў нас у страўніку. Марскія жыхары блытаюць мікрачасцінкі пластыку з планктонам і глытаюць яго – часам ад гэтага гінуць, але часта «дажываюць» і да нашага стала. У сярэднім еўрапеец з’ядае з марскімі прадуктамі і вадой больш за 11 тысячаў мікрагранулаў за год. Паводле даследаванняў, 93 % бутэляванай вады, якая прадаецца ў крамах па ўсім свеце, ужо ўтрымлівае мікрапластык. Асаблівая небяспека палягае ў тым, што мікрагранулы пластыку нельга сабраць і перапрацаваць, яны не распускаюцца ў вадзе. У той жа час гэтыя часцінкі «прыцягваюць» іншыя небяспечныя хімічныя рэчывы ў акіяне, робячыся крыніцаю таксічнага ўздзеяння для чалавека і жывёлы.

Гэта фотапраект пра тое, што нябачныя пластыкавыя часцінкі ўжо сталі часткай нашай новай рэальнасці. Выявы ў фотапраекце сумяшчаюць здымкі мікрачасцінак пластыку пад мікраскопам з фатаграфіямі звыклых для нас прадметаў (крэм-скраб, вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі, трубачкі для напіткаў, цыгарэты, блёсткі, чайны пакецік), якія ўтрымліваюць у сабе пластык, пра што мы часта нават не падазраём.

 

CAMERA COVIDu, або Вірус, якога няма

Падчас сусветнай пандэміі каронавіруса ў Беларусі не ўвялі каранціну. Калі вірус пачаў распаўсюджвацца ў краіне, дзяржава і ўвогуле адмаўляла яго існаванне, а смяротныя выпадкі тлумачыла «няправільным» ладам жыцця памерлых. Найлепшымі лекамі ад віруса былі абвешчаныя трактар і лазня.

 У той жа час многія беларусы і беларускі, якія ўсведамлялі небяспеку хваробы і маглі працаваць дыстанцыйна, сышлі ў добраахвотную самаізаляцыю. Гэты фотапартрэт – вынік сацыяльнай ізаляцыі Таццяны Кузняцовай. Застаючыся дзень і ноч у кватэры адной з мінскіх хрушчовак, яна звярнула ўвагу на незвычайныя гукі, якія раз-пораз даносіліся з лесвічнай пляцоўкі. Праз дзвярное вочка ўдалося адлюстраваць, чым жывуць суседзі.

 Вось жанчына ідзе ўніз з бутэлькай, а вяртаецца ўжо не на сваіх нагах – яе валакуць двое мужчынаў; дзіця бяжыць уніз па сходах, «гыркае» і ўразаецца ва ўсе дзверы, следам бабуля цягне па прыступках дзіцячы вазок; жанчына, якая не можа хадзіць, спускаецца і падымаецца на свой другі паверх на карачках. Схаванае назіранне дазволіла ўбачыць тое, што звычайна застаецца нябачным – жыццё людзей у звычайнай менскай хрушчоўцы. Але ці заўважае гэта нехта яшчэ? Мяркуючы з усяго, праблемы і жыцці гэтых людзей – такія ж вірусы, якіх калі не бачна, то афіцыйна не існуе