Валерый Кацуба. «Восем гісторыяў», 11.10 — 08.11

Валерый Кацуба, “100 Years On”

Валерый Кацуба, фотамастак, жыве і працуе ў Санкт-Пецярбурзе і Мадрыдзе. Нарадзіўся ў вёсцы Сяргеевічы пад Мінскам. На сваёй першай выставе на радзіме пакажа найлепшыя працы з васьмі праектаў (2000–2016), якім уласцівая наратыўнасць, і таму іх можна «чытаць», як аповеды ці гісторыі. У выставу ўвойдуць працы, паказаныя раней у Цэнтры Пампіду ў Парыжы, у Рускім музеі Санкт-Пецярбургу, у Círculo de Bellas Artes у Мадрыдзе і ў Мультымедыйным музеі сучаснага мастацтва ў Маскве.

Мінскі глядач зможа ўбачыць і ацаніць герояў гісторыяў Валерыя Кацубы – лятучых гімнастаў Масквы («Паветраны палёт»), танцораў Марыінскага тэатру, дужаннікаў на ўзбярэжжы Каспійскага мора («Фізкультура»), студэнтаў ды іхных мадэляў з Акадэміі мастацтваў Пецярбургу («Праз 100 гадоў») і пабуджаных ранішнім святлом сяброў фотамастака ў Лондане, у Нью-Ёрку, Сант’яга-дэ-Чылі («Ранак») ды, вядома, у Пецярбурзе. Пецярбургскія сябры сфатаграфаваныя на загарадных пікніках («Поры года. Мае сябры»). Сярод іх Уладзіслаў Мамышаў-Манро, Юрый Вінаградаў, Бэла Матвеева, Вольга Табрэлутс, Паліна і Марк дэ Маўні, Яўгеній Сарокін. У выставу ўвойдуць таксама дзве «гісторыі», расказаныя разам з Уладзікам Манро («Усялякая жарсць сляпая і шалёная», «Метамарфозы манарха»), фатаграфіі на матывы народных казак і нешматлікія са знятых у Беларусі («Удалечыні ад дому»).

Куратар выставы: Ганна Шпакава

11.10 — 08.11
Галерэя сучаснага мастацтва«Ў»

пр. Незалежнасцi, 37а
12:00 – 22:00, штодня
Уваход на выставу: 2 рублі

11.10
Адкрыццё выставы

Галерэя сучаснага мастацтва«Ў», 19:00
Уваход вольны