Андрэй Лянкевіч. «Бывай, Радзіма», 14.09 — 27.09

Вайна ніколі не была для мяне чымсьці блізкім, блізкім эмацыйна. Яна была байкай пра «кожнага чацвёртага, што загінуў у Беларусі». Але ніколі не адчуваў гэтага асабіста, не было жалю, не было болю…

Заўсёды пытаў сябе: чаму пра вайну так шмат кажуць? Адказ знайшоўся такі ж суб’ектыўны, як досвед кожнага. Для мяне гэта адказ на пытанне «ты хто?». Па крыві. Па сэрцы. Я хто?

Мой бацька – польскага паходжання, Леапольд. Ягоны бацька – Блажэй. Прозвішча, якое напісана на надмагіллях дзеда і бабулі, Lenkievicz, па-літоўску мае корань, што значыць ‘польскі’.

Па маці Ларысе кроў аб’яднала беларуску, Соф’ю Тарасаўну, і расейца, Грыгорыя Іванавіча, маіх дзеда і бабулю.

І гэтыя розныя мае паловы прайшлі рознымі, але такімі самымі дарогамі праз вайну. Палякаў з Заходняй Беларусі, як тлумачыць бацька, не бралі ў войска – не было даверу. І з польскай маёй паловы толькі стрыечны брат бацькі працаваў на немцаў падчас вайны і пасля застаўся ў Польшчы. Як жалезная заслона абрынулася, мы наведваліся да дзядзькі Антона – ён жыў лепш за нас… Усмешка лёсу: тры дні мы чакалі на мяжы на пераходзе ў Брэсце, дзе кожны вечар над музеем пачыналася вайна, сапраўдная, з выбухамі і голасам Левітана. Бацька быў у войску тутака, дзе пачалася Другая сусветная вайна для СССР. Мы стаялі тры дні там, дзе бацька быў тры гады.

Мой прадзед Іван – праваслаўны святар і вораг народу. Радзіна дзеда згубіла ўсё, калі прадзеда забралі. Шукалі птушыныя яйкі ў лесе… Але ад нацыстаў ніхто не загінуў. Нават баба Соня, родная сястра дзеда, перажыла блакаду Ленінграду.

Таму я пачаў вандроўку ў свет вайны, які разумею і ненавіджу, як і зброю.

Беларуская гісторыя цяпер пачынаецца вайной і ёй жа канчаецца: «Мы перамаглі». «Добрыя партызаны ваявалі супраць дрэнных нацыстаў…» Як мне цяпер здаецца (і пра гэта напісаныя кнігі незалежных гісторыкаў), вайна ў Беларусі была больш грамадзянскай, чым сусветнай: польская Армія Краёва, Украінская паўстанцкая армія і літоўскія «лясныя браты», нацысты і паліцаі, а паміж імі – простыя людзі.

Амаль уся гісторыя сучаснай Беларусі сціскаецца да 4-х гадоў, гадоў вайны. Няма ў сучаснай беларускай прапагандзе нічога «перад». Ёсць толькі «пасля», нашмат пазней – у 1991-м, 1994-м, 1996-м…

50% назваў вуліцаў у Менску маюць дачыненне да Другой сусветнай вайны, г. зн. да Вялікай Айчыннай вайны. 30% – гэта імёны герояў. Вайсковы парад мусіць адбыцца, нават калі кожны год танкі шкодзяць каля 20 км асфальту толькі ў горадзе, і эканамічны крызіс не перашкода.

Я пачаў вандроўку з пачуццём, што на вайне не магло ўсё быць такім палярна добрым ці дрэнным. Але складаным і неадназначным. Так. Габрэяў было шмат у партызанах, іх знішчалі нацысты, часам маглі выдаць і мясцовыя. У паліцаі ішлі не толькі падонкі і кар’ерысты – ішлі адпомсціць за рэпрэсаваных сваякоў. І партызаны не былі святымі.

Фатаграфіі – гэта маленькія спробы паразмаўляць пра вайну, пра сучаснае стаўленне да яе. Адказы, як і досвед кожнага з нас, – вельмі суб’ектыўныя.

14.09 — 30.09
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

пр. Незалежнасцi, 37а
12:00 – 22:00, штодня
Уваход на выставу: 2 рублі

14.09
Адкрыццё выставы

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», 19:00
Уваход вольны