Марцін Пар і Рымальдас Вікшрайціс. «Рэальны свет», 24.09 — 18.10

  • Martin Parr, Italy. Pisa. The Leaning Tower of Pisa. From “Small World”. 1990

Літоўскі фатограф Рымальдас Вікшрайціс і брытанскі фатограф Марцін Пар прадстаўляюць супольны фотапраект «Рэальны свет».

Упершыню шляхі гэтых двух фатографаў перасякліся ў 2009 годзе падчас еўрапейскага фестывалю фота Rencontres d’Arles. На гэтым фестывалі Вікшрайціс, намінаваны славутым брытанскім фатографам Марцінам Парам, атрымаў прэмію «Адкрыццё года». Марцін Пар распачаў міжнародную кар’еру фатографа з выставы ў Арлі ў 1986 годзе. Лучаць гэтых мастакоў і спецыфічныя рысы іх творчасці. Абодва аўтары адкрытыя свету вакол сябе і ахвотна паказваюць трагікамічныя бакі нашага жыцця. Толькі адзін знаходзіць іх у глабалізаваным свеце, а другі — у невялікім правінцыйным гарадку.

І на фотаздымках Марціна Пара, і ў фотагісторыях Рымальдаса Вікшрайціса можна ўбачыць шакуючыя крайнасці гратэску, выяўленне дзіўных форм, якія яны абіраюць, сімвалы і незвычайныя перспектывы. Ва ўсіх гэтых элементах найвыразней праяўляецца талент мастакоў і іх закадзіраванае пасланне гледачам — адлюстраванне рэальнага жыцця.

Каб перадаць яго, фатограф Марцін Пар выкарыстоўвае свае сродкі: крытычны погляд, гумар і спакушэнне. Як вынік — работы брытанскага мастака арыгінальныя, жартоўныя і лёгка чытаюцца. Аднак, нягледзячы на прастату выражэння, аўтар пранікае ў больш глыбокія пласты існавання, паказваючы, як мы насамрэч жывём, як прадстаўляем сябе грамадству і што цэнім больш за ўсё. Адпачынак, спажыванне і зносіны — вось паняцці, якія гэты брытанскі фатограф даследуе падчас сваіх вандровак па свеце ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. У працэсе ён вывучае нацыянальныя рысы і з’явы інтэрнацыянальнага характару, каб высветліць, ці падыходзяць яны на ролю сімвалаў, што дапамогуць будучым пакаленням зразумець нашы культурныя асаблівасці.

Між тым Рымальдас Вікшрайціс у сваіх фота выразна дакументуе рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, не змякчаючы погляд на людзей, таму яго работы не прытрымліваюцца ні традыцый літоўскай фатаграфіі, ні пераважных тэндэндый сучаснага фотамастацтва.

Супольны праект Каўнаскай фотагалерэі і галерэі «Ў».

24.09 — 18.10
Галерэя «Ў»

пр. Незалежнасцi, 37а
12:00 – 22:00, штодня
Уваход на выставу: 15 000

24.09
Адкрыццё выставы
Галерэя «Ў», 

16.10
Творчая сустрэча з Рымалдасам Вікшрайцісам
Галерэя «Ў», 18:00